КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),
бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;